Калядкі
Вы калі-небудзь спрабавалі калядаваць разам з дзецьмі? Гэта выдатны спосаб зрабіць святочны час яркім і запамінальным. Што такое калядкі, як калядаваць з дзеткамі ў наш час? Паглядзіце на нашых каляднікоў!Калядуйце разам з нами!
Прыйшла Каляда,
Дзверы адчыняйце!
Калядоўшчыкаў у хату
Шчыра запрашайце!
Перад Новым годам да нас прыходзіць свята, якое мае назву Каляды. Гэта беларускае традыцыйна- абрадавае свята ладзіцца ў гонар Сонца. Для земляроба час з кастрычнiка да снежня — перыяд замiрання прыроды. Ён верыў, што ў гэты час уладарання сцюжы, холаду, мяцелiцы, адбываецца барацьба дабра з ліхам, святла з цемраю. А з дня зiмовага сонцапавароту — «адраджэння» Сонца — пачынаецца новы год, якi абяцае прыход цяпла i святла, абуджэнне пладаноснай сiлы зямлі.
Дарослыя гаварылi дзецям перад Калядамi: «Дзецi, дзецi! Бачыце — сонейка нiзка, Каляда блiзка, хутка прыедзе на сiвым канi».
Дзецi пыталiся: «А дзе зараз Каляда?»
— «Зусiм блiзка, за лесам», — адказвалi дарослыя.
На Каляды ладзяцца розныя забавы i гульні. І ў нашы дні убраныя дарослыя і дзецi ходзяць па дварах і пры дапамозе кароткiх песень- калядак - жадаюць гаспадарам шчасця і працвітання ў новым годзе.
Як калядаваць з дзецьмі ў наш час:
Выдатна, калі ў вас атрымаецца сабраць кампанію дарослых і дзетак, якія жывуць з вамі ў адным пад'ездзе, доме ці двары, і калядаваць вясёлым гуртам. Па даўняй традыцыі, каб калядаваць, трэба як мінімум 3 чалавекі.
Кіраўнік калядоўшчыкаў - Зорканоша. Гэта чалавек, які ідзе першым і нясе зорку. Зорка мае 5, 8 ці 16 промняў, якiя заканчваюцца пампонамi з рознакаляровай паперы.. Яе папросту можна выразаць з шчыльнага кардона і ўпрыгожыць бліскаўкамі або бітымі ёлачнымі цацкамі. Ёсць варыянт паскладаней: зорка з дроту, якую потым абмотваюць каляровымі стужачкамі.
Адна з галоўных дзейных асоб — Каза. У старажытнасцi яна шанавалася за здольнасцi паляпшаць ураджай.
Дзе каза ходзiць — там жыта родзiць.
Дзе каза хвастом — там жыта кустом.
Дзе каза нагою — там жыта капною.
Дзе каза рогам — там жыта стогам.
Звычайна на Каляды вадзiлi мядзведзя. Ён сiмвалiзуе адвагу, дае здароўе ў хаце малым i старым, а мужчынам — сiлу. Вадзiў мядзведзя павадыр з доўгiм кiем i музыка з бубнам. Ён прымушаў мядзведзя рабiць розныя дзеяннi.
Яшчэ адным важным калядоўшчыкам з'яўляецца Мехоноша. Яму прыходзілася насіць усё тое, што гаспадары дамоў накідаюць калядоўшчыкам: цукеркі, печыва, грошы і г.д. Менавіта накідаюць, так як калядоўшчыкі не павінны браць нічога з рук – усе падарункі гаспадары павінны класці проста ў мех. Мяшок можна зрабіць з шчыльнай яркай тканіны і ўпрыгожыць. Ўпрыгожваннi могуць быць як вышытыя, так і намаляваныя. Гэта можа быць сонца, зоркі, месяц, так як у даўніну гэтае свята сімвалізаваў пераход ад ночы да дня і ад зімы да лета.
Касцюмы для калядак
Увесь «калектыў» павінен быць апрануты належным чынам. Прыбіраюцца на Каляды ў самыя яркія адзеннi - стракатыя спадніцы, бабуліны хусткі, стужкі, каралі, завушніцы, пярсцёнкі. Шчокі можна размаляваць румянамі, нафарбаваць вусны. Калі пасля Новага года засталіся карнавальныя маскі, яны таксама будуць выкарыстаны. Маскі могуць быць разнастайнымі: звяры, дамавікі , і наогул казачныя персанажы. Надзеньце стары кажух поўсцю наверх, упрыгожце сябе невялікімі рожкамі і рознакаляровымі стужкамі.
Ну і самае галоўнае - вывучыце калядкі і калядныя песні разам з дзеткамі.
Прыйшлі мы да вас
З Козачкай рагатай,
Хай будзе ўвесь час
Ураджай багаты!
***
Вой, Каза, мая Каза,
Паскачы па хаце!
Трэба болей каўбасы
Накалядаваці!
***
А з намі – мядзведзь,
Мішка касалапы.
Танчыць вальс – кульгець, кульгець –
Аж трасецца хата!
***
Гаспадыня, гаспадар,
Не скупіцеся,
З калядоўшчыкамі салам
Падзяліцеся!
***
На двары мяце завея,
Сцеле чыста-гладка,
Мы спяваем як умеем,
Дайце нам аладкі!
***
Жывіце заўжды
Ў ладзе дый раскошы,
А нам, маладым,
Не шкадуйце грошы!
***
Не скупіся, гаспадыня,
Не скупіся, гаспадар!
Каб за вашую дзяўчыну
Сватаўся замежны цар!
***
Вой, нешта мяшок
Поўны не да верха!
Будзе вам ва ўсім удача,
Як дасцё цукерку!
***
Мы па вуліцы хадзілі, танчылі, спявалі.
Ўсіх суседзяў весялілі – так калядавалі!
Абышлі ўсе двары, і, напэўна, годзе!
Завітаем да вас у наступным годзе!
Вершы
Каляды.
Вялікую радасць на вуліцы, у хаты
Прынеслі Каляды – зімовыя святы.
Прынеслі забавы, і жарты, і песні,
Загадкі, і гульні, і танцы і песні.
Не спі, пані скрыпка, і бубен прачніся
Калядныя святы ў нас пачаліся.
Госця-Каляда.
Ходзіць з хаты ў хату госця-Каляда.
Як каза рагатая з лёну барада.
Мы адны вячэраць селі ў добры час.
Ой, і ў нашы дзверы стукае якраз.
Зябка на марозе, адчыняць пайду.
І за стол запросім госцю-Каляду.